ЗА́ЛЬНЫ ХРАМ,

выцягнуты ў плане храм з нефамі аднолькавай вышыні ці вышэйшым (без акон) сярэднім нефам (псеўдабазіліка), а таксама 1-нефавы храм без трансепта (прапаведніцкая царква, царква жабрацкіх ордэнаў). Характэрна раўнамернае асвятленне інтэр’ера, якое скрадвае яго чляненне. З.х. з двума і больш нефамі вядомы з 11 ст. (царква Сен-Сернен у Тулузе, Францыя, канец 11 ст.). У 12 ст. пашыраны ў Вестфаліі і сталі тыповымі як прыходскія цэрквы 13—15 ст. у гарадах Ганзейскага саюза (касцёл Дзевы Марыі ў Гданьску, Польшча, 1343—1502). Гатычныя З.х. будавалі ў Італіі, Іспаніі і інш. краінах Зах. Еўропы. Як саборы трапляюцца рэдка. З эпохі Адраджэння З.х. амаль не будуюць.

Да арт. Зальны храм. Касцёл Дзевы Марыі ў Гданьску. 1343—1502.

т. 6, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)